ТУГА́НАВІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18—19 ст. за 1 км ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Створана на левым беразе р. Сэрвач, у б. маёнтку кн. Тугана. Належала панам Верашчакам. У параднай ч. парку былі размешчаны невял. класіцыстычны сядзібны дом з мансардай і тэрасай на 4 слупах, флігель з мураваным ганкам і аранжарэя; ва ўзгорыстай паўн.-зах. частцы парку — капліца-пахавальня, абсаджаная па перыметры дубамі (разбурана ў 1914). На асн. дарозе праз парк знаходзілася альтанка (т. зв. альтанка Марылі, не захавалася), абсаджаная ліпамі. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 5 га. Асн. элементы кампазіцыі — паляны з курцінамі і далёкімі перспектывамі навакольнага ландшафту. У паўд.-ўсх. частцы — 2 сажалкі. Парк моцна пашкоджаны ў 1-ю сусв. вайну. У 1930-я г. праведзены работы па яго добраўпарадкаванні. Растуць ясень, клён, вярба, дуб, ліпа еўрапейская і інш. мясц. пароды дрэў.

У 1815—20 у гаспадароў сядзібы часта гасцявалі А.​Міцкевіч, Т.​Зан, Я.​Чачот, І.​Дамейка. Лета 1818 у Туганавічах прайшло пад знакам рамант. пачуцця дачкі гаспадыні маёнтка Марылі Верашчакі і маладога Міцкевіча. Трагічная гісторыя гэтага кахання зрабіла вял. ўплыў на творчасць паэта. Паводле сцвярджэнняў даследчыкаў, апісанае ў паэме «Пан Тадэвуш» Сапліцова цалкам адпавядае тапаграфіі Т.с. З Туганавічамі звязаны некат. падзеі нац.-вызв. паўстання 1863—64, на патрэбы якога М.​Верашчака прадала ч. маёнтка. Тут працавала зброевая майстэрня, прадукцыя перапраўлялася ў цэнтр — в. Мілавіды. Уладальнік сядзібы К.​Туганоўскі падтрымліваў сувязі з К.​Каліноўскім, дапамагаў яму.

В.​Р.​Анціпаў.

Туганавіцкая сядзіба. З гравюры 19 ст.

т. 16, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)